|
Реклама
|
Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі БеларусьВт, 2 Июль 2002 Дарагія сябры! Вельмі напружаныя, па-сапраўднаму амбіцыёзныя планы стаяць сёння перад нашай краінай. Мы павінны да 2005 года больш чым на трэць павялічыць вытворчасць валавага ўнутранага прадукта і повысіць на гэтай аснове дабрабыт нашага народа. У нас няма вялікіх запасаў карысных выкапняў, мы не маем шмат уласнай сыравіны. Але ў нас ёсць галоўнае багацце - вялікі чалавечы і навукова-тэхнічны патэнцыял. Эфектыўнае развіццё навукі і адукацыі - гэта наш галоўны інструмент энергічнага прарыву да высокага ўзроўню жыцця і новых тэхналогій, якія адпавядаюць сусветным стандартам. Для вучоных і кіраўнікоў прадпрыемстваў найбольш важная задача - распрацоўка і ўкараненне навуковых дасягненняў у вытворчасць. Гэтыя патрабаванні ляжаць у аснове мерапрыемстваў па рэфармаванню Нацыянальнай акадэміі навук і ўсёй навуковай сістэмы Беларусі. Асабліва важна арганізацыйна і эканамічна падтрымаць інавацыйную дзейнасць на карысць нашай дзяржавы. Значныя інвестыцыі (як уласныя, так і замежныя) мы плануем накіраваць у рэальны сектар эканомікі на новыя тэхналогіі. Гэтаму будзе садзейнічаць акцыяніраванне прадпрыемстваў і павышэнне эффектыўнасці іх работы. Эканамічны патэнцыял краіны шмат у чым вызначаецца стаўленнем людзей да працы. Наша мэта - зацікавіць чалавека ў пастаянным пашырэнні ўзроўню сваіх ведаў, культуры, удасканаленні вытворчасці, у высокапрадукцыйнай працы, як гарантыі значнага росту дабрабыту добрасумленна працуючых членаў грамадства. Агульнавядома, што развіццё эканомікі вызначае становішча сацыяльнай сферы. Асноўны прынцып - як працуеш, так і зарабляеш. Мы ставім задачу - штогод забяспечваць няўхільны рост рэальных даходаў усіх слаёў насельніцтва. На самым высокім дзяржаўным узроўні трымаем пад неаслабным кантролем тэрміны выплаты пенсій, зарплат, стыпендый і дапамог. Ні пажылыя людзі, ні дзеці і моладзь не застануцца без дзяржаўнай падтрымкі. Клопаты аб людзях, аб іх дабрабыце і здароўі былі і застаюцца галоўнымі ў дзейнасці органаў улады. Нашаму грамадству ўласціва высокая духоўнасць і зацікаўленасць у развіцці культуры. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы знаходзім немалыя грошы на рэканструкцыю Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага тэатра оперы і балета, музея Вялікай Айчыннай вайны і шэрагу іншых аб’ектаў. Будаўніцтва храма ведаў - новага корпуса Нацыянальнай бібліятэкі - гэта красамоўны сімвал сувярэннай і высокаадукаванай Беларусі.
|
Новости
|