|
Реклама
|
Выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі на ўрачыстым пасяджэнні, прысвечаным Дню Незалежнасці Рэспублікі БеларусьВт, 2 Июль 2002 Беларусь адыграла важную ролю ў разгроме гітлераўскай арміі і ў вызваленні ўсяго чалавецтва ад фашысцкай навалы. Акрамя воінаў-беларусаў, якія гераічна змагаліся з ворагам на ўсіх франтах Вялікай Айчыннай вайны, на тэрыторыі рэспублікі актыўна дзейнічала цэлая армія партызан і падпольшчыкаў. Яна налічвала амаль паўмільёна чалавек. І яшчэ столькі ж налічваў няўзброены рэзерв, ў які ўваходзілі мясцовыя жыхары і прадстаўнікі 70 нацыянальнасцей Савецкага Саюза. Гэта была сапраўды Вялікая Айчынная вайна. Яна закранула лёсы ўсіх жыхароў Беларусі. І навекі застанецца гераічнай старонкай неўміручага летапісу нашага народа. Памяць пра мінулую вайну да гэтага часу адгукаецца болем амаль у кожнай беларускай сям’і. Мы не можам, не маем права забыцца пра тых, хто назаўсёды застаўся на полі бою, пакутваў у фашысцкіх лагерах. На тэрыторыі Беларусі загінула каля мільёна байцоў, камандзіраў, партызан і падпольшчыкаў. Фашыстамі было знішчана больш трох мільёнаў чалавек - амаль кожны трэці жыхар нашай рэспублікі. Вось чаму ідэі Незалежнасці, Суверэнітэту і Свабоды ёсць і будуць заўсёды для нас свяшчэннымі. Вялікая Айчынная вайна нанесла такія велізарныя страты Беларусі, што рэспубліку прыйшлося адбудоўваць па-новаму. І гэта было зроблена дзякуючы працоўнаму подзвігу, які роўны подзвігу ваеннаму! За пасляваенныя гады наш народ не толькі ўзняў краіну з руінаў, але і ператварыў яе ў індустрыяльна развітую рэспубліку. У гэтым уздыме выключную ролю адыграла дапамога савецкіх рэспублік, якія ўваходзілі тады ў адзіную сям’ю брацкіх народаў. Распад Савецкага Саюза стаў геапалітычнай трагедыяй ХХ стагоддзя, у выніку якой катастрафічна ўпаў узровень жыцця людзей. Гэта крайне негатыўна адбілася на развіцці эканомікі, навукі і культуры на ўсёй постсавецкай прасторы.
|
Новости
|