|
Реклама
|
Круглы стол амбасадара Карэн Сцюарт з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыіЧт, 13 Дек 2007 13 снежня 2007 г. Вялікі дзякуй за тое, што далучыліся сёння да мяне. Як вам вядома, я толькі што вярнулася ў Беларусь з Вашынгтона пасля тыдня вельмі важных сустрэч сямі лідэраў беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці з высокапастаўленымі афіцыйнымі асобамі Злучаных Штатаў, уключна з прэзідэнтам Бушам і дзяржсакратаром Райс. Перад тым, як перайсці да сваёй асноўнай заявы, я павінна самым рашучым чынам асудзіць дзеянні ўладаў супраць мірнай дэманстрацыі. Учора Зміцер Федарук быў жорстка збіты міліцыянтамі, апранутымі ва ўніформу. Зараз ён знаходзіцца ў шпіталі, і мы працягнем рабіць спробы сустрэцца з ім сёння. У панядзелак пасля мірнай дэманстрацыі прадпрымальнікаў службы бяспекі ў цывільным арыштавалі дзевяць чалавек: Віктара Івашкевіча, Віктара Гарбачова, Віктара Крываля, Аляксея Кашкарова, Віктара Калея, Аляксандра Цацуру, Барыса Гарэцкага, Аляксандра Макаева і Крысціну Шацікаву. Таксама быў збіты Анатоль Лябедзька і затрымана Вольга Казуліна. Гэтыя жорсткія дзеянні скасоўваюць той невялікі прагрэс, што азначыўся пасля таго, як улады дазволілі правядзенне шэрагу мірных пратэстаў. Дзярждэпартамент выказаў вялікую занепакоенасць нашага ўрада станам усіх гэтых затрыманых асоб. Падчас сустрэч у Вашынгтоне на мінулым тыдні мы падкрэслівалі нязменную адданасць Злучаных Штатаў справе дэмакратыі і свабоды ў Беларусі. Запрашаючы групу, што складалася з Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, Сяргея Калякіна, Анатоля Ляўковіча, Паўла Севярынца, Змітра Федарука і Эніры Браніцкай, мы зыходзілі з такіх крытэрыяў, як пазіцыя, праца і вопыт гэтых людзей. Іх тактыка, стратэгія і погляды на будучыню адрозніваюцца, і гэта натуральна ў дэмакратычным працэсе. Аднак абсалютна відавочна, што гэтыя людзі падзяляюць агульную зацікаўленасць у існаванні свабоднай і дэмакратычнай Беларусі. Між іншым, дазвольце мне заўважыць, што мы таксама запрасілі прыняць удзел у вашынгтонскіх сустрэчах старшыню партыі Беларускі народны фронт. Аднак Вінцук Вячорка мусіў прысутнічаць у Беларусі на з’ездзе БНФ, і мы з пагавай ставімся да яго рашэння. Мы таксама павіншавалі Лявона Баршчэўскага з нагоды абрання новым старшынёй партыі БНФ. Напярэдадні 2008 года мы па-ранейшаму кіруемся прыхільнасцю і зацікаўленасцю прэзідэнта Буша і дзяржсакратара Райс і важнасцю іх сустрэч з беларусамі на мінулым тыдні. У той самы час я хачу нагадаць некаторыя з нашых размоў з беларускімі ўладамі ў мінулым годзе. У красавіку мы сустракалі ў Мінску намесніка памочніка дзяржсакратара ЗША Дэвіда Крэмера. Ён акрэсліў палітыку Злучаных Штатаў намесніцы кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталлі Пяткевіч і міністру замежных спраў Сяргею Мартынаву. Ён растлумачыў ім, што калі палітычныя зняволеныя не будуць вызвалены і не будуць зроблены іншыя крокі дзеля таго, каб скіраваць Беларусь на шлях дэмакратыі, Злучаныя Штаты могуць пайсці на пашырэнне амбежаванняў на ўезд і далейшае замарожванне актываў. Аднак, нягледзячы на спробы змяніць заканадаўства аб амністыі і вялікую колькасць размоў, шэсць чалавек – Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Дзмітрый Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Юрый Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч – застаюцца ў турме або на хіміі як палітзняволеныя. Як і раней, мы заклікаем беларускія ўлады вызваліць усіх людзей, якія ўтрымліваюцца па палітычна матываваных абвінавачаннях. Паколькі не назіралася істотнага прагрэсу, Злучаныя Штаты ажыццявілі крокі па пашырэнні санкцый супраць чыноўнікаў і ўстаноў, якія мы лічым адказнымі за рэпрэсіі ў Беларусі. Мы пашырылі нашы абмежаванні па перамяшчэнні ў дачыненні больш шырокай катэгорыі людзей у залежнасці ад тых пасад, якія яны займаюць. Упершыню ў іх былі ўключаны дырэктары і намеснікі дырэктараў дзяржаўных прадпрыемстваў і іх сужэнцы. У выніку на дадзены момант ва ўездзе ў Злучаныя Штаты адмоўлена прыкладна 30 асобам. У дадатак, засноўваючыся на тым, што дзяржаўнае прадпрыемства “Белнафтахім” знаходзіцца пад непасрэдным кантролем рэжыму, Міністэрства фінансаў ЗША замарозіла яго актывы ў Злучаных Штатах. Офіс “Белнафтахіма” ў раёне Бостана быў зачынены. Грамадзянам Злучаных Штатаў забаронена мець бізнес-кантакты з “Белнафтахімам”. Паколькі з боку беларускіх уладаў не назіраецца ніякага прагрэсу, Злучаныя Штаты гатовы ажыццявіць далейшыя крокі супраць дзяржаўных прадпрыемстваў. Мэтай і спадзяваннем Злучаных Штатаў і Еўрасаюза застаецца тое, што ўлады вызваляць усіх палітзняволеных, а Беларусь будзе прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў па правядзенні свабодных і справядлівых выбараў, забяспечыўшы беларусам асноўныя правы чалавека. Але гэта не наіўнае спадзяванне. Злучаныя Штаты няспынна вядуць дыскусіі аб Беларусі з Еўрасаюзам. Мы працягнем рабіць неабходныя крокі, каб засяродзіць міжнародную ўвагу на людзях, адказных за адсутнасць прагрэсу ў нашых адносінах. У той самы час мы будзем пашыраць нашы сяброўскія адносіны з беларускім народам. Вялікі дзякуй за тое, што вы ўзялі ўдзел у гэтай дыскусіі. Я з задавальненнем адкажу на вашы пытанні, што тычацца дадзенай заявы, а таксама на іншыя пытанні, якія вас цікавяць. Радыё “Свабода”: Вы гаварылі, што Злучаныя Штаты могуць ажыццявіць пэўныя захады ў дачыненні і іншых беларускіх прадпрыемстваў. Якіх непасрэдна? І Вы гаварылі, што прыкладна 30 асобам было адмоўлена ў візах. Хто гэта персанальна? Амбасадар: Што тычыцца першага пытання санкцый у дачыненні дзяржпрадпрыемстваў, вельмі важна звярнуць увагу на фармулёўку прэзідэнцкага ўказа, што ўводзіць гэтыя санкцыі. Гэты ўказ засяроджваецца на замарожванні актываў высокапастаўленых чыноўнікаў урада, адказных за парушэнне дэмакратычных правоў, умяшальніцтва ў свабодныя і справядлівыя выбары або замешаных у карупцыі. Размова таксама ідзе пра тыя прадпрыемствы, якія знаходзяцца ў іх уласнасці або пад іх кантролем і вымушаны аказваць падтрымку іх дзеянням. Такім чынам, на дадзены момант першыя меры былі прынятыя ў дачыненні “Белнафтахіма”. Прадпрыемствамі, на якія можа быць звернута ўвага ў будучым, могуць стаць філіялы “Белнафтахіма” або іншыя дзяржаўныя кампаніі, якія, паводле інфармацыі, знаходзяцца пад кантролем вышэйшай улады. Што тычыцца асоб, якім адмоўлена ў выдачы віз, заканадаўства аб ахове персанальнай візавай інфармацыі не дае мне права называць іх імёны. Але я магу сказаць, што да павелічэння гэтага спісу прывяло пашырэнне забароны на ўезд для больш шырокага кола чыноўнікаў і прадстаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта шэраг самых розных прадпрыемстваў, і гэтым людзям быў забаронены ўезд у Злучаныя Штаты незалежна ад таго, збіраюцца яны ў ЗША па дзелавых мэтах або ў якасці турыстаў. Інтэрфакс: Растлумачце, калі ласка, па якіх крытэрыях вы вызначаеце, ці кантралююцца гэтыя прадпрыемствы непасрэдна тымі людзьмі, якім забаронены ўезд, паколькі, калі прадпрыемства дзяржаўнае, яно кантралюецца выключна дзяржавай, а не пэўнай асобай. Амбасадар: Мы абапіраемся на разнастайныя сведчанні з афіцыйных выказванняў, на даступную інфармацыю пра вядзенну бізнесу і на падставе гэтага робім выснову аб тым, ці кантралюецца кіраўніцтва прадпрыемстваў непасрэдна тымі асобамі, што ўключаны ў спіс аб замарожванні актываў. Рашэнне прымаецца Міністэрствам фінансаў Злучаных Штатаў на падставе ўсёй наяўнай інфармацыі. Напрыклад, мы звяртаем увагу на тое, што прэзідэнт краіны непасрэдна прызначае або звальняе кіраўніка кампаніі. Гэта толькі адзін з крытэрыяў, якімі мы кіруемся. AP: Пачынаецца візіт у Мінск прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Шмат хто разглядае саюз Беларусі і Расіі як трамплін для Уладзіміра Пуціна на трэці тэрмін. Не маглі б Вы пракаментаваць гэтыя магчымыя планы? Амбасадар: Як у назіральніка, у мяне даволі вялікія сумненні наконт таго, што будзе дасягнуты нейкі значны прагрэс у пытанні саюзнай дзяржавы. Я засноўваюся на каментарах абодвух бакоў. Акрамя таго, як мы ўжо казалі раней, не існуе пакуль умоў для свабоднага выказвання грамадскай думкі і поглядаў наконт саюзнай дзяржавы, што робіць гэты працэс яшчэ больш складаным. Я не буду вельмі падрабязна каментаваць унутраную сітуацыю ў Расіі, бо не з’яўляюся амбасадарам у Маскве, але здаецца, што Пуцін мае іншыя планы наконт развіцця сваёй палітычнай кар’еры. Радыё “Рацыя”: У час візіту беларускай дэмакратычнай дэлегацыі ў Вашынгтон у размовах з кіраўніцтвам Вашай краіны, у прыватнасці з Джорджам Бушам і Кандалізай Райс, прагучала пытанне, што Злучаныя Штаты будуць больш актыўна падтрымліваць незалежныя мас-медыя ў Беларусі. Ці можаце Вы больш падрабязна сказаць пра верагодную падтрымку гэтых мас-медыяў? У якой канкрэтна форме гэта будзе выражацца? Амбасадар: Члены дэлегацыі сапраўды ўзнімалі пытанне пра магчымасць пашырэння падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Яны рабілі гэта на кожнай з сустрэч, што адбываліся ў Вашынгтоне, і мы ўсе пагадзіліся, што гэта найбольш прыярытэтнае пытанне. Я не маю пакуль інфармацыі пра нейкія канкрэтныя рашэнні, каб аб’явіць аб такой падтрымцы. Аднак мы запэўнілі членаў дэлегацыі ў Вашынгтоне, што працягнем падтрымліваць самыя разнастайныя сродкі масавай інфармацыі – рознага роду друкаваныя выданні, вяшчальныя медыі, інтэрнет – мы будзем разглядаць усе формы і разам з той даволі моцнай падтрымкай, якая ўжо існуе, мы звернем увагу на пытанні, якія іх хвалююць і якія былі выказаны падчас сустрэч. Wider Europe: Спадарыня амбасадар, Вы ўзгадалі, што Злучаныя Штаты працягваюць актыўную працу па пытаннях санкцый з Еўрасаюзам. Як тады тлумачыцца тое, што пасля ўвядзення санкцый некаторыя непасрэдныя суседзі Беларусі, не толькі члены Еўрасаюза, але і стратэгічныя саюзнікі ЗША, сталі яшчэ больш актыўна развіваць гандлёва-эканамічныя зносіны з Беларуссю? Амбасадар: Я думаю, мы прызнаем, што ў супрацоўніцтве з Еўрасаюзам у нас ёсць агульная мэта – гэта жаданне бачыць Беларусь дэмакратычнай і свабоднай. Але сітуацыя такая, што часам мы прытрымліваемся рознай тактыкі. Таму мы не заўсёды рабілі аднолькавыя крокі і не заўсёды робім такія крокі адначасова. Адпаведна з нашымі заканадаўчымі сістэмамі, якія адрозніваюцца паміж сабой, і згодна з нашымі інтарэсамі мы можам абсалютна пагаджацца па адных санкцыях і разыходзіцца па пытаннях важнасці і сферы прымянення іншых. Што тычыцца нашай палітыкі, мы даволі цвёрда прытрымліваемся нашых асноўных патрабаванняў, і члены дэлегацыі, што наведала Вашынгтон, таксама сустракаліся і з прадстаўнікамі Еўрасаюза. Так што я разглядаю гэта як агульны працэс, у якім мы працуем разам. Хартыя 97: Я разумею Ваш скептыцызм адносна саюзнай дзяржавы, але калі заўтра Пуцін і Лукашэнка абмяркуюць канстытуцыйны акт і будзе абвешчана аб правядзенні рэферэндуму, як ЗША паставяцца да пагрозы незалежнасці Беларусі? Амбасадар: Мы прызнаем вынікі толькі таго рэферэндуму, які пройдзе ў абсалютна свабоднай і справядлівай атмасферы. Telegraf.by: Вяртаючыся да пытання замарожвання рахункаў “Белнафтахіма”. Не маглі б Вы коратка ахарактарызаваць эканамічны бок гэтых санкцый? Якая сума страт? А таксама, якая прыкладна сума абароту паміж кампаніямі “Белнафтахіма” і амерыканскімі кампаніямі? Амбасадар: На жаль, у мяне няма канкрэтных лічбаў адносна замарожаных актываў ці страт. Мае супрацоўнікі могуць пазней даць вам нейкія агульныя лічбы пра гандаль у нафтавым сектары. Мэтай санкцый было паказаць, што мы не жадаем болей такім чынам аказваць эканамічную падтрымку рэжыму. І мне здаецца, што страты будуць у асноўным выражацца ў змене структуры бізнес-адносін, паколькі кампаніі трэба будзе дзейнічаць па-за межамі амерыканскай банкаўскай сістэмы. А такія страты наўрад ці можна ацаніць напрамую. БелаПАН: Вяртаючыся да пытання калегі, хацелася б удакладніць: члены дэлегацыі, якая на мінулым тыдні наведала Вашынгтон, у прыватнасці старшыня АГП Анатоль Лябедзька, гаварылі пра недахоп каардынацыі дзеянняў паміж ЗША і Еўрасаюзам. Наколькі Вы згодны з гэтым сцвярджэннем? Амбасадар: Мы абмяркоўвалі гэта пытанне з членамі дэлегацыі, і нам было цікава даведацца пра іх пункт гледжання. Мы ўдакладнілі для спадара Лябедзькі і іншых членаў дэлегацыі, як часта мы каардынуем свае дзеянні з Еўрасаюзам не толькі па пытаннях нашай палітыкі, але і па праграмах падтрымкі. Што тычыцца палітычных дыскусій, я б сказала, што ўсё залежыць ад таго, як вы разглядаеце пытанні каардынацыі нашай палітыкі. Я думаю, што пасля дыскусіі члены дэлегацыі сталі лепш разумець, наколькі цесна мы супрацоўнічаем з Еўрасаюзам. На маю думку, гэта непазбежна, калі краіны, якія з’яўляюцца непасрэднымі суседзямі і знаходзяцца на адным кантыненце з Беларуссю, будуць мець крыху іншы падыход, чым краіна на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў. Але ідэя, якую еўрапейскія прадстаўнікі імкнуліся данесці да беларускай дэлегацыі, была практычна такой самай, як і наша – што любое значнае паляпшэнне адносін будзе залежаць у першую чаргу ад вызвалення ўсіх палітзняволеных і ад жадання Беларусі прадэманстраваць гатоўнасць да правядзення дэмакратычных пераўтварэнняў у грамадстве. “Комсомольская правда”: Ці не турбуе Вас тое, што пасля ўвядзення санкцый некаторыя прадпрыемствы вымушаны будуць зачыніцца або знізіць зарплату сваім супрацоўнікам, і ў выніку ў простых беларускіх людзей, якія перастануць атрымліваць зарплату, складзецца дрэннае ўяўленне пра дэмакратыю? Амбасадар: Абмяркоўваючы санкцыі на працягу некалькіх апошніх гадоў, мы імкнуліся планаваць іх такім чынам, каб яны ўздзейнічалі перш за ўсё на тых, хто сапраўды нясе адказнасць, і не пашкодзілі беларускаму народу ў цэлым. Натуральна, гэта няпроста зрабіць пры падрыхтоўцы эканамічных санкцый, але тое, што было зроблена, накіравана супраць канкрэтнага прадпрыемства. Пры гэтым мы не перапынілі цалкам гандлёвыя стасункі з Беларуссю, не ўжылі поўнамаштабных санкцый, і, як многія могуць адзначыць, прынамсі ў выпадку з “Белнафтахімам”, наўрад ці нашы санкцыі прымусяць іх закрыць свой бізнес. І пры кожнай магчымасці мы робім акцэнт на тое, што як толькі ўлады пачнуць ажыццяўляць дэмакратычныя крокі, мы гатовы пашыраць нашы ўзаемаадносіны з Беларуссю. Інтэрфакс: Спадарыня амбасадар, у Венесуэле створана сумеснае беларуска-венесуэльскае прадпрыемства па здабычы нафты, 40% акцый якога належыць “Белнафтахіму”. ЗША традыцыйна купляюць нафту ў Венесуэле. Ці будуць ЗША купляць нафту, здабытую прадпрыемствам, адным з саўладальнікаў якога з’яўляецца “Белнафтахім”? Амбасадар: Я нічога не ведаю пра тое, ці пачне гэта сумеснае прадпрыемства працаваць і ці будуць амерыканскія кампаніі купляць у яго нафту. Санкцыі тычацца “Белнафтахіма” і большасці яго падраздзяленняў, але я нічога не магу сказаць пра гэты канкрэтны выпадак. Калі больш дакладна, мне здаецца, што пакуль “Белнафтахім” валодае меншым пакетам акцый кампаніі, яна не падлягае непасрэдна пад дзеянне гэтых санкцый. Радыё “Свабода”: Спадарыня амбасадар, карыстаючыся магчымасцю, хацела б павіншаваць Вас з ганаровай узнагародай, якую вы атрымалі ў Амерыцы. Ці маглі б вы сказаць пра яе некалькі слоў і паказаць яе? Амбасадар: Гэта была грамата даволі вялікага памеру, якую я, на жаль, з сабой не ўзяла. У мінулым годзе, у Сусветны дзень правоў чалавека, дзяржсакратар абвясціла пра заснаванне дзвюх новых узнагарод: адна ўзнагарода – “Абаронцам свабоды” – будзе ўручацца замежным грамадзянам ці недзяржаўным арганізацыям за абарону правоў чалавека. Другая ўзнагарода – “Дыпламатыя за свабоду” – будзе ўручацца амерыканскім амбасадарам за дасягненні іх амбасад у сферы пашырэння дэмакратыі. Першая ўзнагарода “Абаронцам свабоды” была ўручана арганізацыі “Юрысты за правы чалавека” з Зімбабвэ. І для мяне было вялікім гонарам стаць першым лаўрэатам узнагароды амбасадараў “Дыпламатыя за свабоду”. Гэта ўзнагарода стала прызнаннем працы нашай амбасады, якая імкнецца падтрымліваць дэмакратычных актывістаў і правы чалавека ў Беларусі. Гэта ацэнка ўсёй той працы, якую мы праводзім у гэтай сферы. Дзяржсакратар уручыла нам гэтыя ўзнагароды ў панядзелак на ўрачыстай цырымоніі. Гэта вельмі прыгожая грамата, яна зараз знаходзіцца ў маім кабінеце. На цырымоніі прысутнічаў таксама сенатар Лугар, вядомы сваёй доўгай працай па дэмакратычных пытаннях у Сенаце. Мы даволі працяглы час гутарылі з ім пра падзеі ў Беларусі, якімі ён цікавіцца. “Белорусы и рынок”: Вы ўзгадалі пра ўчарашнюю дэманстрацыю, падчас разгону якой пацярпелі некаторыя члены дэлегацыі, што наведалі Вашынгтон. Ці не лічыце Вы, што ідзе паляванне на членаў гэтай дэлегацыі і гэта своеасаблівы выклік беларускіх уладаў адміністрацыі Злучаных Штатаў? Амбасадар: Зразумела, мы назіраем за сітуацыяй з вялікай занепакоенасцю. Не думаю, што ў дадзеным выпадку на іх засяродзілі ўвагу менавіта праз паездку ў Вашынгтон. Я думаю, гэта было зроблена з тае ж прычыны, з якой мы запрасілі іх – таму што яны з’яўляюцца актыўнымі лідэрамі дэмакратычнага руху. Але магу сказаць, што Белы дом вельмі занепакоены і пільна сочыць за тым, што адбываецца пасля вяртання дэлегацыі ў Беларусь. Еўрапейскае радыё для Беларусі: Спадарыня амбасадар, Вы ў пачатку сваёй прамовы сказалі, што будзеце надалей спрабаваць наведаць Змітра Федарука ў лякарні. Калі я правільна зразумеў, такія спробы ўжо былі. З-за чаго не атрымалася яго наведаць? Амбасадар: Мінулым вечарам, адразу пасля таго, як стала вядома пра гэта жахлівае здарэнне, два супрацоўнікі амбасады накіраваліся ў шпіталь. Ім было сказана, што прыём наведвальнікаў скончаны, так што ўбачыць яго не атрымалася. Аднак яны пагутарылі з доктарам, з маці Змітра і ягонымі сябрамі і плануюць убачыць яго сёння ў другой палове дня, у час, адведзены для візітаў. Інтэрфакс: Калі дазволіце, у мяне яшчэ два пытанні. На днях Міністэрствам юстыцыі зарэгістравана такое грамадскае аб’яднанне, як “Белая Русь”. Наколькі, на Ваш погляд, фармаванне гэтай арганізацыі адпавядае дэмакратычным прынцыпам, і ці не лічыце Вы, што ў Беларусі ствараецца партыя ўлады? І другое пытанне: летам гэтага года амбасадар Расіі ў Беларусі ў адным з інтэрв’ю не выключыў магчымасці таго, што ў Беларусі могуць быць размешчаны аб’екты, што маюць дачыненне да ядзернай зброі, у адказ на размяшчэнне элементаў амерыканскай сістэмы ПРА ў Польшчы і Чэхіі. Наколькі Вы лічыце верагодным такое развіццё падзей, і як будуць дзейнічаць ЗША ў гэтым выпадку? Амбасадар: Што тычыцца “Белай Русі”, калі меркаваць па людзях, якія заяўлены ў якасці лідэраў і заснавальнікаў партыі, відавочна, што гэта будзе партыя, якая падтрымлівае існуючы ўрад і кіраўніцтва краіны. Не думаю, што ў Міністэрства юстыцыі ўзнікнуць праблемы з рэгістрацыяй гэтай партыі, але варта было б міністэрству з такім самым імпэтам рэгістраваць і іншыя партыі і арганізацыі ў краіне, а не дыскрымінаваць незалежныя арганізацыі. Што тычыцца пытання ракет, дык з Расіі чуецца шмат каментароў пра нашы планы па размяшчэнні проціракетных сістэм у Чэхіі і Польшчы. Але тое, што я бачыла апошнім часам, сведчыць, што яны не плануюць размяшчаць ракеты ў Беларусі ў якасці меры ў адказ на гэтую праграму. Наколькі я памятаю, сам расійскі амбасадар заявіў, што яго недакладна працытавалі. Для мяне як прадстаўніка амерыканскага ўрада больш важна тое, што мы працягваем кансультацыі з Расіяй, каб растлумачыць, што гэта сістэма мае на мэце абарону Еўропы і Амерыкі ад пагроз з боку іншых краін, напрыклад, Ірана, і ні ў якім выпадку не накіравана супраць Расіі ці Беларусі і не мае ніякага дачынення да расійскіх сродкаў ядзернага стрымлівання. Wider Europe: У некаторых сродках масавай інфармацыі сцвярджалася, што прэзідэнт Буш да заканчэння сваёй прэзідэнцкай кадэнцыі мае намер вырашыць дзве знешнепалітычныя задачы: іранскую і беларускую. Наколькі сур’ёзна можна ставіцца да гэтых сцвярджэнняў? Амбасадар: “Вырашэнне задач” – гэта даволі няпэўная фармулёўка. Аднак прэзідэнт Буш вельмі ясна заявіў, што пытанне свабоды будзе заставацца адным з галоўных да самага заканчэння ягоных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў. Як ён сказаў членам беларускай дэлегацыі, свабода з’яўляецца правам, дадзеным нам Богам, да яе імкнецца кожны чалавек, і людзі, якія маюць шчасце жыць у свабодным грамадстве, нясуць адказнасць за развіццё дэмакратыі і свабоды ў іншых краінах. З гэтых слоў я разумею, што прэзідэнт будзе і надалей засяроджваць увагу і даручаць свайму ўраду рабіць такія намаганні па ўсім свеце, дзе існуюць краіны, у якіх народы яшчэ змагаюцца за свае асноўныя правы і за дэмакратыю. “Белорусы и рынок”: Скажыце, калі ласка, як Вы ацэньваеце эфектыўнасць эканамічных санкцый супраць Беларусі? Ці магчыма ўвядзенне новых санкцый, і якога эфекту Вы ад іх чакаеце? Амбасадар: Мы лічым, што ўведзеныя санкцыі маюць як мінімум псіхалагічны эфект, калі засноўвацца на рэакцыі прадстаўнікоў урада і на тым, як павінны адаптоўвацца кампаніі. Прынамсі, мы адчуваем, што людзі ведаюць, што мы хацелі сказаць праз увядзенне гэтых санкцый, наколькі сур’ёзна мы ставімся да развіцця дэмакратыі, ведаюць, што было згублена ў нашых адносінах і як гэтыя адносіны могуць палепшыцца ў выпадку ўсталявання асноўных дэмакратычных норм. Я не магу назваць тэрміны ўвядзення наступных санкцый, таму што пытанне санкцый застаецца адкрытым, тут і ў Вашынгтоне мы ацэньваем інфармацыю пра тое, якія прадпрыемствы могуць стаць аб’ектам санкцый. Я ведаю, што зараз Міністэрства фінансаў працягвае разглядаць пытанне “Белнафтахіма” і яго падраздзяленняў. Дзякуй.
|
Новости
|