|
Реклама
|
19 сьнежня — страйк прадпрымальнікаўПн, 17 Дек 2007 Лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка заклікаў прадпрымальнікаў 19 сьнежня ўзяць удзел у агульным страйку. Прадпрымальнікі такім чынам будуць патрабаваць адмены Ўказу № 760, паводле якога ад 1 студзеня нельга будзе наймаць на працу не сваякоў. Яшчэ адной з мэтаў страйку ёсьць праява салідарнасьці з арыштаванымі ўдзельнікамі мітынгу 10 сьнежня. Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка патлумачыў Радыё Свабода, што аднадзённы страйк – гэта кампраміс паміж рознымі прадпрымальніцкімі структурамі. Ён падкрэсьліў, што ўсе індывідуальныя прадпрымальнікі супраць Указу № 760, але адны гатовыя толькі да ўдзелу ў санкцыянаваных мерапрыемствах, іншыя да выхаду на Кастрычніцкую плошчу, а нехта толькі на аднадзённую забастоўку. Анатоль Шумчанка ўпэўнены, што страйк падтрымаюць на рынках у абласных гарадах, а таксама ў некаторых рэгіёнах: “Забастоўка адбудзецца. Колькасьць удзельнікаў? Мы думаем, што такая, як заўсёды. Калі ўзяць абласныя цэнтры і Менск, то думаю, што тысяч 60-70 як мінімум будзе. 19 сьнежня прыедзеце і паглядзіце. У тым, што яна адбудзецца, у нас няма ніякага сумневу”. “Да 1 студзеня застаецца вельмі мала часу. Урад цалкам ігнаруе ўсе патрабаваньні прадпрымальнікаў. Цалкам ігнаруе ўсе рэзалюцыі форумаў і мітынгаў. Адзінае, што застаецца прадпрымальнікам, гэта забастоўка”, – Гаворыць каардынатар “Пэрспэктывы” ў Берасьцейскай вобласьці Віктар Чайкоўскі. Анатоль Шумчанка падкрэсьліў, што ніякіх перамоваў з уладамі ня будзе, пакуль за кратамі знаходзяцца арыштаваныя ўдзельнікі мітынгу 10 сьнежня. Любоў Лунёва “Радыё Свабода”
|
Новости
|