|
Реклама
|
Удзельнікаў акцыі пратэсту засудзілі да арыштаўВт, 11 Дек 2007 Увечары 11 сьнежня быў абвешчаны прысуд у справе Віктара Івашкевіча — 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Справа зацягнулася, бо Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні партыі БНФ, заявіў у судзе, што ня можа пазнаёміцца з матэрыяламі справы, бо ягоныя акуляры засталіся ў міліцыі. Судзьдзя Аляксей Бычко, які разглядаў справу, абвясьціў перапынак, каб міліцыянты прывезьлі Івашкевічу акуляры. Першым пачалі судзіць у Маскоўскім судзе Аляксандра Макаева. Яго затрымалі 10 сьнежня за некалькі гадзін да пачатку акцыі. Спачатку адвезьлі ў пракуратуру, дзе ён адмовіўся падпісаць папярэджаньне аб адміністрацыйнай адказнасьці за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Празь некалькі хвілін яго зноў затрымалі і сёньня прывезьлі ў суд. Аляксандра Макаева арыштавалі на 7 сутак. Заўтра прадпрымальніка прывязуць у суд Ленінскага раёну, каб таксама судзіць, але паводле ранейшага пратаколу, які склалі на мінулым тыдні. У судзе Цэнтральнага раёну Менску арыштавалі на 15 сутак Віктара Гарбачова з Барысава. Аляксандра Цацуру з Салігорску пакаралі арыштам на 10 сутак, а Віктара Крываля, прадпрымальніка з Узды, — на 15 сутак. Віктара Калея арыштавалі на 10 сутак. Барыса Гарэцкага, моладзевага актывіста, судзьдзя Віктар Ясіновіч арыштаваў на 7 сутак. Зь яго зьнялі абвінавачаньне ў дробным хуліганстве, пакінуўшы толькі ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Крысьціну Шацікаву, паколькі яна мае дзяцей, якія не дасягнулі 12-гадовага ўзросту, закон забараняе арыштоўваць. Яе аштрафавалі на 700 тысяч рублёў. Старшыня суду сп. Самасейка разгледзеў справу Аляксея Кашкарова. Кашкароў заявіў, што ня ўдзельнічаў у акцыі, ён убачыў на плошчы натоўп людзей, пачуў музыку і падышоў пацікавіцца, што адбываецца. Ён думаў, што там канцэрт зорак расейскай эстрады. Аднак, нягледзячы на гэтае тлумачэньне, Кашкарова арыштавалі на 15 сутак. Любоў Лунёва
|
Новости
|