|
Реклама
|
Менск: суды пасьля пратэстуВт, 11 Дек 2007 Сёньня ў Менску будуць судзіць затрыманых напярэдадні грамадзкіх актывістаў. Учора адбыўся мітынг супраць палітыкі адносна малога бізнэсу. Прадпрымальнікі перадалі ў Палату прадстаўнікоў рэзалюцыю мітынгу з патрабаваньнем прыняць спрыяльныя для малога бізнэсу законы. Двух чалавек затрымалі прэвэнтыўна да пачатку акцыі, астатніх – пасьля яе заканчэньня. Сёньня ў суд Маскоўскага раёну Менску з турмы на вуліцы Акрэсьціна прывязуць Аляксандра Макаева, Крысьціну Шацікаву, Віктара Гарбачова і Віктара Крываля. У суд Цэнтральнага раёну прывязуць Віктара Івашкевіча і Барыса Гарэцкага. Назіральнікі не выключаюць, што пасьля заканчэньня акцыі маглі быць затрыманыя яшчэ некалькі чалавек з рэгіёнаў, прозьвішчы якіх пакуль што невядомыя. Шмат хто ўпершыню ўдзельнічаў у вулічнай акцыі. Спадар: “Прыйшлі паслухаць… Ну, мы супраць гэтага ўказу прэзыдэнта, які ня дасьць нам магчымасьці працаваць”. Спадарыня: “Як гэта, чаго прыйшлі?! Як толькі можна было прыдумаць такое, што толькі сваякі могуць працаваць?! А калі няма сваякоў у людзей?! Як выжываць у гэтым сьвеце, скажыце?” Аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандра Макаева затрымалі за некалькі гадзінаў да пачатку акцыі. З аддзяленьня міліцыі Маскоўскага раёну яго спачатку адвезьлі ў пракуратуру, дзе прапанавалі падпісаць паперу аб тым, што ён папярэджаны аб адказнасьці ў выпадку ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Пасьля таго, як Макаеў адмовіўся, яго адпусьцілі. Празь некалькі хвілінаў яго зноў затрымалі на вуліцы і адвезьлі ва ўпраўленьне ўнутраных справаў Маскоўскага раёну. Як толькі можна было прыдумаць такое, што толькі сваякі могуць працаваць?! На мінулым тыдні Аляксандра Макаева затрымлівалі ў офісе прафсаюзнай арганізацыі, але пасьля складаньня пратаколу ўручылі позву на 12 сьнежня і адпусьцілі. Гэтым разам Макаева зноў абвінавацілі ў дробным хуліганстве. Паводле міліцыянтаў, прадпрымальнік нецэнзурна выражаўся. Прэвэнтыўна быў затрыманы яшчэ адзін актывіст прадпрымальніцкага руху ў Салігорску Аляксандар Цацура. На мітынг прадпрымальнікаў прыйшоў карэспандэнт радыё “Рацыя” Барыс Гарэцкі. Крыху пабыўшы, ён адправіўся ў рэдакцыю, але быў затрыманы міліцыянтамі. Аналягічная сытуацыя адбылася з намесьнікам старшыні Партыі БНФ Віктарам Івашкевічам. Віктара Крываля, Крысьціну Шацікаву, Віктара Калея і Віктара Гарбачова затрымалі па дарозе з плошчы Незалежнасьці пасьля заканчэньня акцыі. Любоў Лунёва
|
Новости
|