Новости-Беларусь
 




 

Реклама

Белорусский Правовой Портал. Законы Беларуси

Фирмы Беларуси - Каталог предприятий и организаций Республики Беларусь




 

Реклама

 




Лявон Вольскі: «Я ужо складзены чалавек, які займаецца сваёй справай ня першае дзесяцігодзьдзе»

Пт, 23 Ноя 2007

«Калі меркаваць па некаторых каментарах у Інтэрнэце, то можна падумаць, што здарылася нейкая трагедыя! – камэнтуе лідэр NRM учорашні візыт да Праляскоўскага. — Насамрэч, нічога незвычайнага не адбылося. І такая бурлівая рэакцыя проста паказвае, што ў нас наагул нічога не адбываецца, што ў нас не хапае падзей. Ну, што за падзея: некалькі музыкаў схадзілі да чыноўніка, хай сабе і досыць высокага рангу. Мне так было проста цікава схадзіць у Адміністрацыю прэзыдэнта. Я там ніколі ня быў і, можа, ніколі, больш не пабываю. Цікава было паглядзець, што там і як. Думаў, пасяджу, памаўчу. Памаўчаць не удалося.

«Наша Ніва»: Гэта была нечаканая сустрэча, ці яна рыхтавалася?

Лявон Вольскі: Размовы пра сустрэчу вяліся даўно, яна адкладалася, пераносілася. Нарэшце нам патэлефанавалі, у вельмі карэктнай форме прапанавалі прыйсьці ў пэўны час. Так што сустрэча адбылася па ініцыятыве музыкаў.

«НН»: Пра што ішла гаворка?

ЛВ: Музыкі наперабой выказвалі свае крыўды, якія накапіліся. Сп. Праляскоўскі нас уважліва выслухаў. Па сваім досьведзе кантактаў з чыноўнікамі ведаю, што сярод іх ёсьць абсалютна неадэкватныя, непрабівальныя для лёгікі людзі. Гэты чалавек не такі, ён адэкватны, можа, гэта і дрэнна.

«НН: Вы маеце на ўвазе, што лепш бы ён ня быў такім разумным?

ЛВ: Гэтага я не камэнтую.

«НН»: Вам нешта прапаноўвалі?

ЛВ: Быў дыялёг, з боку музыкаў досыць эмацыйны. Хаменка трымаў вялікую прамову, мусіць, загадзя падрыхтаваную. Ён жа найбольш пацярпеў, працаваў у дзяржаўнай установе і страціў працу. Ніхто нічога нікому не абяцаў, ні з аднаго боку, ні з другога. Была парада, якую мы выслухалі. Не было ніякага гандлю. Гандаль — гэта непрымальна для творцы, і ніхто з тых музыкаў, што прымалі ўдзел у сустрэчы, на гандаль ня пойдзе.

Самае галоўнае, прагучала, што забароны на канцэрты — гэта дзіка, і такога не павінна быць і ня будзе. Калі сапраўды так, то магчымасьць вольна даваць канцэрты на працягу году, двух — для нас сапраўдны прарыў. А тое, што нас не пускалі на тэле- і радыёканалы — гэта, калі шчыра, ня вельмі мяне і абыходзіла. Гэта справа саміх каналаў. Мяне, скажам, узровень Беларускага тэлебачаньня не задавальняе, і тут трэба яшчэ добра падумаць, ці варта пагаджацца, каб твая песьня гучала побач зь нейкай адыёзнай перадачай. Гэта можа дрэнна адбіцца на рэпутацыі.

«НН»: Але гэта дало б магчымасьць дайсьці да большай колькасьці слухачоў, а высновы наконт якасьці той ці іншай перадачы яны і так робяць. Дык па выніках размовы можна сказаць, што хутка вашыя галасы будуць гучаць па радыё і тэлебачаньні?

ЛВ: Гаварыць пра гэта рана.

«НН»: Ці заходзіла гаворка пра ваш удзел у перадачах «Белсату»?

ЛВ: Не, ні словам, хаця, шчыра кажучы, я чакаў гэтага. Але ў гэтым выпадку размова стала б вельмі цяжкай, і для мяне прыкмета адэкватнасьці якраз у тым, што гэтай тэмы не закраналі. Ня ведаю, як яны будуць рэагаваць на наш удзел у «Белсаце», думаю, што ніяк.

«НН»: У вас склалася ўражаньне, што нешта мяняецца ў стаўленьні дзяржавы да альтэрнатыўнай музыкі?

ЛВ: Магчыма, паглядзім.

«НН»: Вам падалося, што гэта вынік нейкай зьмены ў агульнай сытуацыі?

ЛВ: Мне цяжка меркаваць, я не экспэрт.

«НН»: Значыць, вы будзеце працягваць сьпяваць свае непадцэнзурныя песьні, рабіць тое, што рабілі?

ЛВ: Слухайце, я ужо сталы, складзены чалавек, які займаецца сваёй справай ня першы год і нават ня першае дзесяцігодзьдзе. Сьмешна было б, калі б я раптам адмяніўся і перакінуўся на нешта іншае. Зь цягам часу чалавек мяняецца, але не ад таго, што ідзе на прыём да Праляскоўскага.

«НН»: Не крыўдуйце! Проста агучваю пытаньне, якое задаюць вашыя слухачы, якія вас вельмі любяць… Ну, а як яно там, усярэдзіне Адміністрацыі прэзыдэнта?

ЛВ: Падобна, як заходзіш у амбасаду. Мэталашукач на ўваходзе… А ўсярэдзіне — бы ў нейкім выканкаме. Дывановыя дарожкі, кветкі ў вазонах.

«НН»: Учора і сёньня у вас канцэрты. Дзе? Што ў бліжэйшых плянах?

ЛВ: Учора гэта была штогадовая традыцыйная вечарына бровару «Сябар», сёньня — выступ у клюбе «Графіці». Вялікіх канцэртаў на Радзіме бліжчым часам не плянуецца. А 10 сьнежня N.R.M. выступіць у Варшаве.

Гутарыла Наталка Бабіна

 
Новости



Copyright © 2008. При использовании материалов ссылка на News-By обязательна.
Используются технологии uCoz