|
Реклама
|
Закон аб прафэсійным пэнсійным забесьпячэньні прымуць да канца годуПт, 23 Ноя 2007 Беларускі парлямэнт гэтымі днямі абмяркоўвае даволі кардынальныя зьмены пэнсійнага заканадаўства. Адзін зь першых крокаў — новы “Закон аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні”. Ён прадугледжвае нявыплату датэрміновай пэнсіі, калі чалавек, які дасягнуў 50 гадоў, працуе і далей у шкодных умовах. Гэты закон закране многіх: паводле статыстыкі, у шкодных умовах працуюць больш як 560 тысяч грамадзянаў краіны. Старшыня незалежнага прафсаюзу вытворчага аб’яднаньня “Горадня-Азот” Сяргей Антусевіч ведае пра настроі работнікаў, якія працуюць у шкодных умовах і цяпер яшчэ маюць права сысьці на пэнсію ў 50 гадоў: “Людзі чакаюць, хвалююцца, ці будзе прыняты закон з новага году. Інфармацыі вельмі мала, і яна вельмі сьціслая. Крыху супакоілі людзей — што тыя, хто сапраўды ўжо адпрацаваў у гэтых шкодных умовах, яны атрымаюць належнае. А новым працаўнікам будуць паведамляць, што яны такога права на датэрміновую пэнсію ня маюць”. “Закон аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні” Палата прадстаўнікоў прыме ў другім чытаньні ўжо сёлета і накіруе на разгляд Савету Рэспублікі. Намесьнік старшыні камісіі працы, сацыяльнай абароны, справаў вэтэранаў і інвалідаў Палаты прадстаўнікоў Валеры Лектараў кажа: “Я думаю, яго прымуць. Тыя заўвагі, якія былі прапанаваныя дэпутатамі, улічылі. Я думаю, гэты закон задаволіць усіх — і працоўных, і дэпутатаў, якія прымаюць закон, і ўрад”. Найбольш праблемная прапанова — нявыплата датэрміновай пэнсіі, калі чалавек, які дасягнуў 50 гадоў, працягвае працаваць у шкодных умовах. Старшыня незалежнага прафсаюзу вытворчага аб’яднаньня “Горадня-Азот” Сяргей Антусевіч перакананы, што не ад добрага жыцьця людзі працуюць і на пэнсіі: “Самае непрыемнае, што гэта ўсё робіцца пад выглядам абароны здароўя гэтых працаўнікоў. Мэта абсалютна выглядае бездакорна: каб не дапусьціць пагаршэньня стану здароўя. Калі б быў годны ўзровень пэнсійнага забесьпячэньня — я гаварыў сз многімі пэнсіянэрамі, якія працягваюць працаваць у гэтых шкодных умовах на “Азоце”, — яны б з задавальненьнем не хадзілі б на гэты завод, калі б атрымлівалі такую пэнсію, якая б дазваляла нармальна існаваць, жыць. А так гэта як дадатковы заробак, яны крыху паляпшаюць свой дабрабыт, і ня больш”. “Для тых, хто працуе дастаткова доўга, і ім засталося няшмат да выхаду на пэнсію, нічога ня зьменіцца, яны атрымаюць пэнсію. Закон будзе тычыцца толькі маладых, якія толькі прыйшлі на працу: для іх ён будзе працаваць, як задумваўся ад самага пачатку”, — кажа Сяргей Антусевіч. На кожнага чалавека, які працуе ў шкодных умовах, будуць адлічваць сродкі для прызначэньня прафэсійнай пэнсіі больш як на пяць гадоў памерам бюджэту пражытковага мінімуму. Але пытаньні застаюцца. Пакуль незразумела, што будзе з чалавекам, які да пачатку дзеяньня новага закону мог набраць толькі чатыры зь неабходных дзесяці гадоў спэцыяльнага стажу. Мяркуецца, што памер прафэсійнай пэнсіі кожнага работніка будуць вызначаць з улікам сродкаў, якія дадаткова пералічыць на яго шкоднае прадпрыемства. Як гэта будзе ажыцьцяўляцца на практыцы, пакуль невядома. Іна Студзінская, Менск,
|
Новости
|