|
Реклама
|
Прадпрымальнікі пачнуць працаваць нелегальна, і ў Беларусі зьявіцца “чорны рынак”?Сб, 10 Ноя 2007 10 лістапада заканчваецца тэрмін магчымасьці льготнага пераходу індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы. На сёньняшні дзень, паводле розных дадзеных, толькі менш як 10 тысячаў са 190 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў выказалі жаданьне зарэгістраваць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Як можа разьвівацца сытуацыя далей? Ці гатовыя прадпрымальнікі да нейкіх акцыяў пратэсту? Віталь Цыганкоў гутарыць з актывістам прадпрымальніцкага руху Ільлём Дабратворам. Цыганкоў: “Можна сказаць, што пераважная большасьць індывідуальных прадпрымальнікаў ужо прынялі сваё рашэньне і не зьбіраюцца ствараць унітарныя прадпрыемствы. Але ж улада на гэты момант цьвёрда заяўляе, што не зьбіраецца адступацца. Што ж, цяпер гэтыя 180 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў – стануць беспрацоўнымі?” Дабратвор: “Не, я лічу, што яны будуць працаваць і далей, але ў нас, як і пры СССР, зьявіцца «чорны рынак». Людзі будуць працаваць без падаткаў. Паводле прадстаўніка менскай падатковай інспэкцыі, яны ўжо гатовыя, што мы, прыватныя прадпрымальнікі, у студзені і лютым ня будзем плаціць падаткаў. Але ж яны ў гэты час будуць рабіць вялікі ціск на нас – праводзіць шмат праверак і накладаць пакараньні. Больш за ўсё ўлада не жадае, каб прадпрымальнікі былі разам, каб процістаялі ціску разам, а не асобна, як гэта цяпер”. Цыганкоў: “Часам прадпрымальнікі да апошняга ня вераць, што ўлада сапраўды зробіць супраць іх тое, што абяцала. Пасьля новага году можа стаўленьне прадпрымальнікаў да гэтага зьмяніцца, і яны актывізуюцца ў сваіх патрабаваньнях?” Дабратвор: “Калі гэта будзе тычыцца кішэні кожнага, то, магчыма, ён пачне нешта думаць пра аб’яднаньне. А пакуль усе лічаць, што гэта іх ня тычыцца, і “мая хата з краю”. Цыганкоў: “А якое ў іх будзе выйсьце пасьля новага году, пасьля ўступленьня ў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу? Акрамя таго, што – як вы сказалі – працаваць напаўлегальна?” Дабратвор: “Выйсьце заўсёды ёсьць. Я мяркую, што ці яны пакінуць адну кропку і будуць чакаць, што нешта зьменіцца, ці зробяць нешта іншае”. Цыганкоў: “То бок, пратэставаць супраць гэтага Ўказу большасьць ужо не зьбіраецца?” Дабратвор: “У прадпрымальнікаў тыя самыя праблемы, як і ва ўсёй апазыцыі – няма лідэра, які б сказаў, куды трэба ісьці. Калісьці ў 2005 годзе гэта быў Шумчанка, але зараз гэта зусім ня так. Увогуле, я разуверыўся ў прадпрымальніках як у сіле. Яны могуць абараняць толькі свае ўласныя інтарэсы – а калі тычыцца агульных, то ня могуць сабрацца разам” Віталь Цыганкоў, Менск,
|
Новости
|