|
Реклама
|
Вызваленне палітвязняў – галоўнае патрабаванне ЕўразвязаСр, 24 Окт 2007 24 кастрычніка дэпутаты беларускай “палаткі” пачынаюць разгляд законапраекту “Аб амністыі”. За апошнія сем гадоў гэта будзе ўжо пятая амністыя ў краіне. У Беларусі сёння па палітычных матывах за кратамі знаходзяцца Аляксандр Казулін, Андрэй Клімаў, Зміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Мікола Аўтуховіч і Юры Лявонаў. Ад таго, як будзе вырашаны іх далейшы лёс, залежыць нармалізацыя стасункаў Беларусі з Еўропай. Па словах жонкі палітвязня Андрэя Клімава Таццяны, яна і раней не спадзявалася на вызваленне свайго мужа па амністыі, але зараз нельга разлічваць нават на скасаванне тэрміну на год. “Той праект, які я бачыла, цалкам выключае вызваленне майго мужа. Праект амністыі ўвогуле мяркуецца вельмі скарочаны. Ён адрозніваецца ад мінулых, што нікому са зняволеных не прадугледжвае змяншэння пакарання на адзін год” – кажа Таццяна Клімава. У такім выглядзе праект закону “дэпутаты” атрымалі “зверху”, ад Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта “Еўрарадыё” паведаміў старшыня камісіі “палаткі” па нацыянальнай бяспецы Анатоль Белашэўскі. “Законапраект мы вывучылі, і заўваг да яго не маем. З устаноў закрытага тыпу будзе вызвалена 1682 чалавекі. І яшчэ І 850 будзе вызвалена з устаноў адкрытага тыпу”, — сказаў “дэпутат”. Тое, што ў ім адсутнічае скарачэнне тэрмінаў зняволення на год, Белашэўскі патлумачыў жаданнем кіраўніка дзяржавы. Старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы не толькі не ведае, ці патрапяць пад амністыю такія вядомыя зняволеныя краіны як Аляксандр Казулін і Андрэй Клімаў, але і па якім артыкуле яны былі асуджаныя. “Не мае значэння, вядомы ці не. У законе пералік амніставаных ідзе па артыкулах і дзе санкцыі не перавышаюць 6 гадоў. Дарэчы, я і не цікавіўся, па якіх яны артыкулах сядзяць” – сцвярджае Белашэўскі. Паводле яго словаў, асуджаныя “за зачынства супраць асабістай свабоды і гонару; супраць уласнасці; супраць парадку ажыццяўлення і кіравання эканамічнай уласнасцю; супраць грамадскага парадку і грамадскай маральнасці; супраць інфармацыйнай бяспекі; супраць дзяржавы, супраць парадку кіравання; супраць інтарэсаў спецслужбаў і гэтак далей”, увогуле, амністыі не падлягаюць. Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Кузулін быў кінуты за краты 25 сакавіка 2006 году за арганізацыю масавых акцый пратэсту супраць сфальшаваных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і засуджаны да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Праваабаронцы і юрысты назвалі суд над Казуліным фарсам, а прысуд – непрыхавана палітычна матываваным. Апазіцыйны палітык і публіцыст Андрэй Клімаў, які раней ужо двойчы адбываў зняволенне па палітычных матывах, быў арыштаваны 3 красавіка 2007 году за публікацыю артыкула ў інтэрнэце і засуджаны па арт. 361 КК РБ “Заклікі да дзеяньняў, накіраваныя на прычыненне шкоды знешняй бяспецы Рэспублікі Беларусь, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай недатыкальнасьці, нацыянальнай бясьпецы, зьдзейсьненыя з выкарыстаньнем сродкаў масавай інфармацыі” да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Варта адзначыць, што справа разглядалася судом за зачыненымі дзвярыма, а прысуд па гэтым артыкуле выносіўся ўпершыню. Лідэр “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч быў затрыманы 15 верасня 2006 году і засуджаны на паўтары гады зняволення за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. 14 жніўня 2007 году за адмову сведчыць супраць сваіх сяброў следчымі КДБ на яго была заведзеная справа паводле арт.402 (адмова даваць паказанні). Моладзевы актывіст Артур Фінькевіч быў затрыманы ў Менску ўначы 30 студзеня 2006 году за нанясенне на сцяну графіці “Мы жадаем новага!”, а 10 траўня таго ж году быў засуджаны да двух гадоў абмежавання волі нібыта за “злоснае хуліганства” Прадпрымальнікі Мікола Аўтуховіч і Юры Лявонаў, уладальнікі буйнейшага бізнэсу таксі ў Ваўкавыску, былі абвінавачаныя ў тым, што стварылі схему ўхілення ад падаткаў і засуджаныя да 3,5 год і 3 год 5 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Нагадаем таксама, што год таму Еўракамісія высунула беларускім уладам 12 прапановаў, пасля выканання якіх Еўропа гатовая супрацоўнічаць з афіцыйным Менскам. Сярод галоўных патрабаванняў – вызваленне ўсіх палітычных зняволеных. Хартия’97
|
Новости
|