Новости-Беларусь
 




 

Реклама

Белорусский Правовой Портал. Законы Беларуси

Фирмы Беларуси - Каталог предприятий и организаций Республики Беларусь




 

Реклама

 




Віктар Івашкевіч: «Хопіць сядзець у акопах. Трэба ісці на прарыў»

Вт, 23 Окт 2007

Намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч заявіў аб намеры балатавацца ў старшыні партыі. “У сучасных умовах, калі абвастраецца сітуацыя ў краіне, трэба ад тактыкі пазіцыйнай вайны, сядзення ў акопах ісці на прарыў. У гэтай сітуацыі БНФ ня мае права губляцца. Фронт мусіць стаць рухавіком дэмакратычнага руху на Беларусі. Мы павінны выйсці на шырокі рух і стаць яго ядром” , — заявіў палітык сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Гэтым шырокім рухам Віктар Івашкевіч бачыць Еўрапейскі Марш, які ўжо стартаваў. “Натуральна, што рэальнае жыццё адрозніваецца ад нейкіх схемаў, прычым у нашых умовах, заўжды ў горшы бок. Правядзенне Еўрапейскага Маршу выклікала шмат заўваг і нараканняў, але, я лічу, што трэба дзейнічаць. Гэта дзеянне было паспяховым, бо яно было, яно прывяло да канкрэтных вынікаў. У гэтай сітуацыі нам трэба выходзіць на шырокі рух, і тут Фронт мусіць быць наперадзе, адыграць ролю камандзіра, які падымае сцяг і вядзе наперад астатніх, беручы на сябе адказнасць”, – лічыць Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч звярнуўся да СМІ пачаць шырокае абмеркаванне ў прэсе пра сённяшнюю ролю БНФ ў Беларусі. “Я хачу, каб журналісты заклікалі кандыдатаў на пасаду старшыні Партыі БНФ на публічныя дэбаты, у якіх я з задавальненнем вазьму ўдзел. Бо, як мне падаецца, лёс Народнага Фронту мусіць быць неабыякавы народу, прынамсі ягонай актыўнай частцы”, – кажа Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч выступіў за супрацоўніцтва Партыі БНФ з рухам “За Свабоду”. “У дачыненні Руху “За свабоду” – я за супрацу, і яна адбываецца. Гэта прадэманстраваў Еўрапейскі Марш. Мы спадзяемся працаваць разам і надалей. Што тычыцца лідэрства, то, на маю думку, лідэрам з’яўляецца сёння ня толькі той, хто бярэ на сябе адказнасць за прыняцце рашэнняў, але і той, хто прымае на сябе крытыку за тое ці іншае рашэнне. Лідэра мусіць падтрымліваць грамадства. Сваё лідэрства трэба даказваць кожны дзень сваёй працай”, – сказаў палітык.

Намер палітыка балатавацца ў старшыні Партыі БНФ падтрымалі рэгіёны.

“Я падтрымліваю намер. Івашкевіча балатавацца на пасаду кіраўніка БНФ, бо па-першае, прапанаваная ім праграма дзейнасці, што была агучаная на апошнім Сойме, найбольш адпавядае бачанню рэальнай сённяшняй сітуацыі і ўяўленню на перспектыву. Гэта, канечне, маё асабістае меркаванне, але спроба іншых прадставіць канфлікт як канфлікт пакаленняў тут не спрацоўвае, бо, напрыклад, сярод віцебскіх сябраў БНФ, якія гатовыя падтрымаць Віктара Івашкевіча на пасадзе старшыні шмат менавіта моладзі. Бо ён сваёй дзейнасцю дэманструе шмат пазітыўнага. Напрыклад, беручы ўсё той жа Еўрапейскі Марш, які прайшоў хоць і не бяз хібаў, але на добрым арганізацыйным узроўні, засведчыўшы, што ў Беларусі мірныя акцыі пратэсту могуць быць негвалтоўнымі, і я бачу тут шмат у чым заслугу Віктара Івашкевіча. Я таксама лічу, што ў выпадку абрання на пасаду старшыні партыі Івашкевіча, ў межах БНФ знойдзецца месца для дзейнасці для ўсіх сябраў, і спадзяюся на актывізацыю рэгіянальных структураў”, – адзначыў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

Падтрымаў Віктара Івашкевіча і другі намеснік старшыні Партыі БНФ Юры Хадыка.

“Я падтрымліваю гэтую кандыдатуру, бо Віктар Івашкевіч быў сярод заснавальнікаў партыі, у тыя слаўныя часы, калі БНФ быў сапраўдным грамадскім рухам і, я спадзяюся, што з яго дапамогай мы здолеем гэтыя часы вярнуць. На працягу 20 гадоў змагання з аўтарытарызмам Віктар прадэманстраваў сур’ёзныя лідэрскія і арганізатарскія здольнасці, і, нарэшце, таму, што ён быў адным з ініцыятараў, я б сказаў, гістарычнага рашэння 7 Кангрэсу АДС пра пачатак дыялогу ў беларускім грамадстве, а я лічу, што гэта вельмі значны момант. Упершыню за шмат гадоў на Еўрапейскім маршы міліцыя зачахліла свае “дручкі”, чым былі створаныя перадумовы, каб людзі не баяліся выходзіць на вуліцу, каб выказаць свой пратэст. Ну, і, нарэшце, каб Беларусі дайсці да Еўропы, неабходны істотныя ўнутраныя рэформы. І тут вельмі важная здольнасць Віктара Івашкевіча, ня толькі ісці пад міліцэйскія “дручкі”, але і думаць, перамагаць тактычна, умець весці перамовы і дамаўляцца. Бо ідэя пачатку дыялогу ў грамадстве – не прыдуманая, а жыццёва важная, якую неабходна рэалізоўваць. Але галоўнае для Фронту сёння – гэта адзінства, адзінства – ёсць вышэйшая каштоўнасць”, – адзначыў палітык.

 
Новости



Copyright © 2008. При использовании материалов ссылка на News-By обязательна.
Используются технологии uCoz