“Еўрапейскі марш салідарнасьці” адбыўся 14 кастрычніка ў Варшаве. Удзельнікі варшаўскай акцыі, каля 100 чалавек, у асноўным студэнты-каліноўцы, прайшлі па цэнтры горада ад плошчы Канстытуцыі да Банковай плошчы, дзе выпусцілі ў паветра 50 шарыкаў з сімваламі Еўрасаюзу ды бел-чырвона-белымі стужкамі.
Моладзь мела дазвол на шэсце па праезжай частцы, але вырашыла не замінаць руху транспарту, таму вуліцай побач з калонай ехала грузавая машына з лозунгамі і музыкай.
Варшаўскім мінакам было раздадзена каля 500 улётак з інфармацыяй пра “Еўрапейскі марш” і падзеі ў Беларусі. Арганізатарам акцыі быў “Звяз у падтрымку дэмакратыі ў Беларусі”.
На плошчы Канстытуцыі да прысутных звярнуўся еўрадэпутат Януш Анышкевіч, якога ўначы не ўпусцілі ў Беларусь. “Мне хацелася б быць сёння не тут, а ў Мінску.
Беларусь мусіць належаць да Еўропы і карыстацца ўсімі цывілізацыйнымі прывелеямі еўрапейскага свету”, - сказаў ён у выступе.